Выхаванне і заданні руху “Святло – Жыццё”

Выхаванне і заданні руху “Святло – Жыццё”

   У папярэднім артыкуле я ўспамінаў пра паўстанне і развіццё руху “Святло – Жыццё”, аб яго агульным заданні і сімвалічным знаку. На гэты раз я хацеў бы непасрэдна паразмаўляць з чытачамі пра заданні і расказаць пра змест выхавання названага руху, а таксама згадаць пра перажытае летам падчас рэкалекцый гэтага руху.
Падчас набажэнства Святла і Вады

   Выхаванне руху “Святло – Жыццё”
    Аснова працы ў руху – гэта выхаванне. А выхаванне – гэта фарміраванне сваёй асобы, духоўнага развіцця, веры. “Тэхнічны” бок выхавання – ступені, якія сцісла падпарадкаваны да веку ўдзельніка. Гаворыцца пра залічэнне чарговых ступеняў выхавання. Каб іх залічыць, трэба на працягу года працаваць у супольнасці руху ў парафіі, увянчэннем чаго з’яўляецца выезд на канікулярныя рэкалекцыі руху. Праца ў маладзёжным каталіцкім руху асноўваецца на працягу года перш за ўсё на “будаўніцтве” і ўзмацненні сваёй супольнасці, галоўным праяўленнем чаго з’яўляюцца штотыднёвыя сустрэчы членаў руху ў групах. Аніматар (натхняльнік, ініцыятар) сустракаецца з асобамі, якія ўваходзяць у яго групу, і вядзе размовы, дыскусіі, там чытаецца і раважаецца які-небудзь фрагмент Святога Пісання.
    Тэматыка сустрэчаў звязана з Богам, з верай. Ініцыятар стараецца сфарміраваць правільныя паставы членаў сваёй групы ў такіх справах, як малітва, правільная пастава сапраўднага хрысціяніна, правільнае абыходжанне з людзьмі, а таксама перадае вартасці, якія ён здабыў, калі сам праходзіў усе ступені выхавання ў руху. Безумоўна, тут хапае месца і на забавы, супольны спеў і іншыя формы правядзення часу.

   Заданні руху “Святло – Жыццё”
    Ключавое заданне руху “Святло – Жыццё” – давесці яго членаў да сталага хрысціянскага жыцця, г.зн. фарміраванне сталага хрысціяніна як новага чалавека ў Хрысце. Духоўнасць руху “Святло – Жыццё” бярэ свой пачатак з духоўнасці свайго заснавальніка. І гэтая духоўнасць з’яўляецца яго харызматам: “святло”, дадзенае Богам, якое было акрэслена кс. Францішкам як нязменная рэчаіснасць. А каб гэтае “святло” стала “жыццём” неабходны выхаваўчы працэс. Мэта такога працэсу – увядзенне ў жыццё рысаў духоўнай асобы. Ксёндз Францішак не падае сумы рысаў характару сталай асобы, а толькі акрэслівае асобу як новага чалавека. Ва ўсім выхаваўчым працэсе новага чалавека супрацьстаяць два вобразы: старога і новага чалавека. Стары чалавек – гэта асоба, заняволеная грахом, аддзелена ад Бога, замкнутая ў сабе і на іншых людзей. Такога чалавека акрэсліваюць паняцці: спажывецкі, з выхадкамі, зняволены, якім маніпулююць. А асоба супольнасці з руху – аб’яднана з Богам і братамі. Новы чалавек – гэта адноўлены Богам, які пазнаў адкупленне ў Езусе Хрысце. Хрыстус – Слуга прыходзіць для таго, каб служыць. Гэта ў Ім мы маем вобраз Новага Чалавека ў поўным значэнні гэтага слова. Хрыстус – Слуга – гэта Слуга Яхвэ, які быў пасланы і пакліканы выканаць Яго план і Яго волю. Член руху пераўвасабляецца ў паставу Хрыста, аддадзенага і прысвечанага службе і паслухмянасці Айцу і людзям, сваім братам. Побач з Хрыстом стаіць Беззаганная – Служанка – самы дасканалы ўзор новага, цалкам адкупленага чалавека, бо такая асоба рэалізуецца ў адносінах да Хрыста цераз поўнае Яму адданне. Узорам такога аддання ёсць Марыя. Чарговы этап у выхаванні новага чалавека – гэта новая супольнасць. Людская істота ў сувязях з іншымі стварае новую супольнасць, што становіцца для асобы вытокам росту і выхавання. Стварэнне новай супольнасці мае два вымярэнні: супольнасць з людзьмі і супольнасць з Богам. Дзякуючы супольнасці з Богам чалавек становіцца здольны да бескарыслівай службы і можа зрабіць дар з сябе. Такая супольнасць становіцца асяроддзем росту новага чалавека. Дзякуючы такому выхаванню асоба здольна стварыць новую культуру. Яна знаходзіцца пад натхненнем Святога Духа, каб выпраменьваць сутнасць жыцця новага чалавека і новай супольнасці. Гэта сутнасць грунтуецца на ажыццяўленні ўсіх тых вартасцяў на службе Хрысту і братам у сучасным свеце. 
Удзельнікі руху «Святло - Жыццё» з біскупам Т. Січкам

   Выхаваўчая праца і этапы
    Усё імкненне да хрысціянскай дасканаласці заключана ў ідэале новага чалавека – гэта выхаваўчы працэс, які патрабуе выхаваўчай працы. Вызначэнне часу прадаўжэння дадзенага выхаваўчага этапу залежыць ад сталасці дадзенай асобы. Вельмі важна знаёмства мэты кожнага этапу, які ў рэчаіснасці вядзе да дасягнення чарговай ступені хрысціянскай сталасці. Асноўнае выхаванне руху дзеліцца на тры этапы: евангелізацыя (1 ступень), дэйтэракатэхумэнат (II ступень), містагогія і дыяконія (III ступень). Каб дасягнуць паўнаты хрысціянскай сталасці побач з працай у супольнасці, удзелу ў рэкалекцыях неабходна індывідуальная праца, штодзённая малітва, чытанне Святога Пісання, часты ўдзел у св. Імшы.

   Мае рэкалекцыйныя ўспаміны
    Як я ўспамінаў ужо вышэй увянчэннем працы на працягу года з’яўляюцца канікулярныя 15-ці дзённыя рэкалекцыі руху, у якіх я ўдзельнічаў летам. Я быў першы раз на такіх сустрэчах і паехаў на I ступень II заезду ў Дамброўцы разам з моладдзю з Радомскай дыяцэзіі. Едучы туды, я не ведаў дакладана, што там будзе. Падчас рэкалекцый я даведаўся намнога больш пра сябе і пра свае сувязі з Богам. Да гэтых пор, чуючы прытчу пра марнатраўнага сына, я атаясамліваў сябе мімавольна з тым сынам, які застаўся ля бацькі. У час рэкалекцый я адчуў сябе сынам, які адыйшоў ад Айца, каб ісці сваімі сцежкамі. Бог быў у маім жыцці, але не да канца. Ува мне было шмат страхаў і супраціўлення перад поўным даверам Богу. Чуючы Яго словы, мы не ўсведамляем таго, Хто да нас гаворыць. Мы не ўспрымаем Яго сур’ёзна тады, калі забываем памаліцца – паразмаўляць з нашым Айцом, які чакае на сустрэчу з намі. Калі на ўсё іншае мы павінны знайсці час, то на спатканне з Богам - не маем часу. Рэкалекцыі давялі да свядомасці мне больш, для чаго я жыву на гэтым свеце і якая павінна быць наша галоўная мэта, чым з’яўляецца вечнае жыццё і гэта галоўная мэта павінна асвятляць усе іншыя мэты. Жыццё на зямлі – толькі часовае і не ўсё нам павінна тут удавацца. Усведамленне Божай апекі і таго, што Ён не аставіць нас, што мы павінны Яму даверыцца ва ўсім, што Ён падрыхтаваў для нас, прывяло да таго, што я вельмі хачу мець у сабе Божы супакой, чаго і чытачам ад усяго сэрца жадаю.
    Вельмі глыбока ўрэзалася ў памяць набажэнства Святла і Вады, якое адбывалася над ракой, і асноўвалася на прыняцці ў сваё жыццё Езуса Хрыста як Пана і Збавіцеля - паглыбленне асабістай сувязі з Езусам Хрыстом, сувязі любові, якая асноўваецца на поўным адданні Яму ў веры і паслухмянасці па ўзоры Беззаганнай.
    Рух “Святло – Жыццё” – адна з нешматлікіх прапаноў паглыблення сталага хрысціянскага жыцця, якую Касцёл накіраваў да моладзі. Гэты рух становіцца месцам фарміравання новага чалавека для маладых асобаў, якія складаюць частку парафіяльнай супольнасці, а цераз яе – усяго Касцёла. Вышэй згаданы рух, будучы “інструментам” Святога Духа, ёсць і будзе далей садзейнічаць ўзвядзенню жывога Касцёла ў свеце.
    За ўсё гэта – хвала Богу!
клерык Павел Федаровіч