Семінарыйная хроніка

Семінарыйная хроніка
Набажэнства ў семінарыйнай капліцы

   23 лістапада б.г. каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Хрыста-Валадара. У гэты дзень сярод душпастыраў, якія працуюць у нашых парафіях, можна было заўважыць прадстаўнікоў нашай Аlma Mater Grodnensis. Клерыкі хацелі ў гэты дзень быць бліжэй да тых, да якіх праз некаторы час яны будуць пасланы як святары, каб ужо цяпер падзяліцца сваім досведам Бога і заадно заахвоціць вернікаў да духоўнай і матэрыяльнай падтрымкі семінарыстаў на іх высакародным шляху.
    З гэтай нагоды алюмны мелі шанс паразмаўляць з тымі, з асяроддзя якіх (праз нядоўгі час) выйдуць будучыя кандыдаты да святарства і манаскага жыцця, гэта значыць з міністрантамі і парафіяльнай моладдзю і адначасова падтрымаць іх на шляху жыцця, згоднага з прынцыпамі Евангелля.

    29 лістапада быў днём, які заканчваў літургічны год, але ўжо традыцыйна ў семінарыі гэты дзень праводзілі весела. Як і кожны год на суд гледачоў было вынесена кабарэ, арганізаванае братамі другога і чацвёртага курсаў. Згодна з дэвізам: “пункт погляду залежыць ад пункту, дзе сядзіш” алюмны паспрабавалі паказаць сваю мадэль функцыянавання семінарыі, неабавязкова аб’ектыўную, якая ў значнай ступені адрозніваецца ад той штодзённай і звычайнай.

    7 снежня ў семінарыйнай супольнасці праходзіў чарговы дзень скупення. Праводзіў гэты дзень запрошаны айцец-сэрцанін. Тэмы канферэнцый датычылі асаблівай падрыхтоўкі на чаканне Езуса па ўзоры асобаў, на якія ўказвае нам Евангелле ў гэты літургічны перыяд: Яна Хрысціцеля – як выразны знак пакоры, Марыю – прыклад простай веры.
    Нядзельныя Нешпары замкнулі дзень асаблівага засяроджання над сабой. 

    8 снежня. На раннюю св. Імшу ў семінарыйную капліцу прыйшла вялікая колькасць гасцей, якія былі запрошаны да нашага Вячэрніка на супольнае святкаванне ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Марыі Панны. У ліку гасцей былі шэнштацкія сёстры, назарэтанкі, а таксама выкладчыкі семінарыі. Ян Кучынскі, пробашч катэдральнай базылікі ў Гродне і прафесар нашай навучальнай установы, абвясціў гамілію, закранаючы праблемы Марыйнай духоўнасці. Біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў гэтую літургічную сустрэчу. Падчас сваёй прамовы ён нагадаў усім пра тое, што тагачасны біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, засноўваючы ў свой час семінарыю, даверыў яе асаблівай апецы Марыі, якая і цяпер хадайнічае ў яго праблемах і садзейнічае развіццю, пра што сведчыць вялікая колькасць святароў, што выйшла з гэтага месца чалавечага, духоўнага, інтэлектуальнага і душпастырскага выхавання. На заканчэнне св. Імшы рэктар Юзаф Станеўскі падзякаваў усім, хто спрыяе развіццю нашай Alma Mater.

    19 снежня пасля таго, як біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў аплаткі, адбылася аплаткавая сустрэча нашай семінарыйнай супольнасці ў абедзенным зале. Госці і алюмны ўдзельнічалі з прыемнасцю ў праграме вігілійнага вечара, падрыхтаванага нашымі братамі з другога курсу. Супольны спеў калядных песень на розных мовах і мастацкае чытанне вершаў па тэматыцы гэтага нязвыклага часу па традыцыі надалі ўрачысты характар гэтаму вечару. У наступны дзень клерыкі выехалі на перыяд штогадовых святочных канікалаў.
клерык Павел Аляскевіч