Роздум хрысціяніна на тэму New Age

Роздум хрысціяніна на тэму New Age

   20-22 лістапада б.г. перад урачыстасцю Хрыста – Валадара Сусвету ў Вроцлаве (Польшча) адбыўся XXIV агульнапольскі форум маладых, які быў арганізаваны тэалагічным кружком алюмнаў Мітрапалітальнай Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Вроцлаве. Стала добрай традыцыяй удзельнічаць алюмнам нашай семінарыі ў гэтым форуме.
    Тэма сёлетняга з’езду: магія, акультызм, варажба – і ўся праўда пра гэта. На працягу трох дзён маладыя людзі задумваліся над праблемамі, звязанымі з небяспекамі, што нясе ідэалогія New Age, якой падвергнута асабліва моладзь, стараліся адказаць на складаныя пытанні: як супрацьстаяць гэтай ідэалогіі і дзе шукаць дапамогі перад негатыўнымі яе вынікамі.
Удзельнікі форуму - падчас выступленняў

   Розныя абліччы New Age
    Сярод людзей сучаснай заходняй цывілізацыі можна заўважыць з аднаго боку адмову ад традыцыйных хрысціянскіх вартасцяў, этыкі і хрысціянскай маральнасці, выключэнне Бога са свайго жыцця ці адхіленне Яго на апошняе месца, а з другога боку – узрастаючая цікавасць да магіі, акультызму, да чараў, хірамантыі, астралогіі. Многія людзі чытаюць гараскопы, вераць у забабоны і кіруюцца імі ў сваім жыцці. Многія ўдзельнічаюць у спірытычных сеансах, ходзяць да варажбіткаў, каб “адхіліць краёчак таямніцы”, карыстаюцца ўслугамі празорцаў, “лечацца” ў біяэнергатэрапеўтаў і іншых “лекараў”, носяць амулеты, талісманы, займаюцца ёгай, айкідо, трансцэндэнтальнай медытацыяй і іншымі ўсходнімі рэлігійнымі практыкамі. Вялікія карпарацыі трацяць немалыя грошы на свае будынкі паводле філасофіі feng shui. Людзі не задумваюцца над вынікамі сваіх дзеянняў, карыстаюцца гомеапатычнымі сродкамі, слухаюць “цяжкую” музыку. Бацькі купляюць сваім дзецям кнігі (напрыклад пра Гары Потэра), часопісы, дзе прапагандуецца магія і акультызм. А колькі фільмаў, кампьютэрных гульняў, мультфільмаў і коміксаў вучаць дзяцей і моладзь акультыстычнаму і магічнаму мышленню! Усё гэта і шмат іншых практыкаў так званай “новай рэлігійнасці” прапануе сучаснаму чалавеку ідэалогія New Age.
    Нягледзячы на сваю назву “Новая эра”, у New Age няма нічога новага, яна распаўсюджвае навучанне старажытных і сучасных паганаў і атэістаў. Безумоўна, на працягу вякоў змянілася знешняя форма, але змест застаўся той жа самы: зрабіць чалавека нявольнікам зла і граху.

   Cутнасць New Age
    Назва New Age з’явілася ў 70-ыя гады XX ст. New Age - гэта не арганізацыя, а акрэслены тып мышлення, інтэлектуальнае асяроддзе, дзе дзейнічае мноства малых злучаных групаў, дзе няма супольнага цэнтра. Дзякуючы гэтаму такая ідэалогія трапляе ў розныя сферы людской дзейнасці: у медыцыну (напрыклад гомеапатычныя сродкі лячэння), у псіхалогію (метады “пазітыўнага”, “творчага” мышлення, метад неўралінгвістычнага праграміравання), у адукацыю і выхаванне (так званая “адукацыйная кінезіялогія”), у спорт (напрыклад: ёга, некаторыя віды ўсходняй барацьбы), у літаратуру, часопісы, фільмы, мультфільмы, кампьютэрныя гульні, інтэрнэт і г.д. Сучаснаму чалавеку, на якога штодзённа падае лавіна рознага роду інфармацыі, часта вельмі цяжка без глыбокага аналізу адрозніць, што карысна, а што шкодна для яго душы.

    Ідэалогія New Age не мае нічога супольнага ані з сапраўднай рэлігіяй, ані з навукай. Навучанне New Age з’яўляецца мешанінай розных паганскіх вераванняў, магічных і акультыстычных практыкаў і выбраных элементаў будызму, індуізму, юдаізму і іншых рэлігій. Напрыклад, навучанне пра рэінкарнацыю (паўторнае ўцелаўленне) было запазычана з індуізму, які па сваёй сутнасці з’яўляецца адмаўленнем існавання неба і пекла, а ў New Age успрымаюць гэта як узнагароду за дасягненне “найвышэйшай дасканаласці”, у той жа самы час як у індуізме ўжо сам факт, што пасля смерці душа павінна ўсяліцца ў іншае цела ў момант яго нараджэння, лічыцца пракляццем. Для таго, каб надаць выгляд навуковасці ідэалогіі New Age выкарыстоўваецца адпаведная тэрміналогія (энергія, трансцэндэнтальная медытацыя, альтэрнатыўная псіхалогія і іншыя), а таксама назвы навуковых формаў перадачы ведаў (напрыклад: астралагічны круг, сесіі спірытаў, лекцыі пра суфізм). 

   Унутраны досвед замест аб’ектыўнай праўды
    New Age, маючы на ўвазе “духоўны голад” сучаснага чалавека, прапануе мноства магічных і акультыстычных практыкаў, псіхатэхнікаў у якасці сродкаў самазбаўлення. За крытэрыі праўдзівасці той ці іншай духоўнай практыкі прымаецца ўнутраны досвед чалавека, яго адчуванні. Напрыклад: калі якая-небудзь духоўная практыка выклікае ў чалавека прыемныя ўражанні, ён адчувае сябе добра, мае пазітыўныя эмоцыі, то робіцца вывад, што для дадзенага чалавека гэтая практыка – добрая. Гэта значыць, калі напрыклад, хтосьці з вернікаў або ксёндз параіць чалавеку штодзённа маліцца на ружанцы, а яму не хочацца і становіцца нудна падчас малітвы, то такі чалавек можа зрабіць вывад, што ружанцовая малітва не адпавядае яму і ён пойдзе лепш на заняткі па трансцэндэнтальнай медытацыі, бо там – цікава і шмат чаго “пазнае”, а колькі - “пазітыўных эмоцый”! Тады робіцца ўражанне, што няма розніцы паміж ружанцовай малітвай і трансцэндэнтальнай медытацыяй, што можна карыстацца і хрысціянскай малітвай, і паганскай духоўнай практыкай, каб толькі гэта было крыніцай прыемных адчуванняў.

   Езус Хрыстус – Ахвяравальнік жывой вады
    У 2003 г. быў апублікаваны дакумент папскай рады па справах міжрэлігійнага дыялогу “Езус Хрыстус – Ахвяравальнік жывой вады”, які датычыць New Age. Ужо ў самой назве гэтага дакументу Касцёл указвае на Хрыста, як на сапраўднага Ахвяравальніка “вады жыцця” (вечнага збаўлення). Падчас сустрэчы Езуса з самаранкай ля студні Якуба ў мястэчку Сыхар Езус гаворыць да гэтай жанчыны: “Калі б ты ведала дар Божы ды хто ёсць Той, Хто цябе просіць: “Дай мне піць”, напэўна прасіла б Яго, і Ён даў бы табе жывой вады” (Ян 4, 10). Навучанне New Age, звязанае з астралогіяй, сцвярджае, што 2000 гадоў хрысціянства было эрай Рыбаў, цяпер хрысціянская эра закончылася і пачынаецца новая эра Вадалея. У сваёй мудрасці Касцёл перасцерагае нас перад падманам, што ідучы за ідэалогіяй New Age можна атрымаць вечнае жыццё. Не міфічны і неіснуючы Вадалей, але Езус Хрыстус – сапраўдны Бог і чалавек, які прысутнічае ў жыцці кожнага з нас, дае сапраўднае збаўленне. Ён сказаў пра сябе: “Я – дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі праз Мяне” (Ян 14, 6). Варта кожнаму з нас пераймаць самаранку, якая ёсць увасабленнем прастаты і дзіцячага даверу да Хрыста і такой адкрытасці перад Ім, дзякуючы якой Ён можа змяніць яе жыццё.
    Падчас форуму штодзённа моладзь удзельнічала ў ранішняй св. Імшы ў вроцлаўскай архікатэдры і ў вячэрніх набажэнствах у касцёле імя Святога Крыжа недалёка ад архікатэдры. Гэта давала магчымасць не толькі ўзбагачаць свае веды, слухаючы лекцыі і ўдзельнічаючы ў дыскусіях, размаўляючы з маладымі людзьмі з розных часткаў Польшчы, але і разам маліцца за людзей, заняволеных злом і грахом, адкрываць для сябе багацце і хараство літургіі каталіцкага Касцёла, глыбіню і моц Божага слова, давала магчымасць злучацца з Хрыстом ў св. Камуніі, яднацца з Жывым Богам падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, урачыстых Нешпараў. Унутраны інтэр’ер архікатэдры імя св. Яна Хрысціцеля, касцёлаў Вроцлава, пабудаваных у гатыцкім стылі, магутнае гучанне арганаў – ўсё гэта стварала атмасферу малітоўнага засяроджання, якую нельга перадаць словамі, і рабіла маладых людзей адкрытымі на спатканне з Богам, на любоў да Яго.
Працяг у наступным нумары

клерык Павел Раманоўскі