Вялікдзень

Вялікдзень

   Вялікдзень – вялікі дзень, самая вялікая ўрачыстасць, дзень праўдзівага Бога – такімі поўнымі энтузіязму назвамі называлі айцы Касцёла гэты дзень сапраўднай хрысціянскай радасці.

Вясёлае аллелюя, якое гучыць з усіх бакоў у гэты час, з’яўляецца радасным праслаўленнем Хрыста - Пераможцы смерці, пекла і шатана. Без хвалебнага паўстання Збавіцеля з магілы нашая вера не мела б сэнсу, справе Адкуплення не хапала б неабходнага дапаўнення, нас і далей прыгнятала б здань смерці.
    На шчасце, Пан паўстаў з памерлых на самай справе (Лк 24, 34), вярнуў хвалебнае і цудоўнае жыццё не толькі для сябе, але і для нас, адначасова асноўваючы нашую веру і надзею на бясспрэчных падствах. Вялікдзень ці Пасха Пана з’яўляецца найбольшым святам усіх хрысціянаў. Не адзін можа сказаць, што ім павінна быць Божае Нараджэнне – прыход у свет Божага Сына. Аднак Хрыстус з’явіўся на зямлю ў такіх акалічнасцях, што толькі людзі, якія шчыра вераць у Бога, маглі прыняць факт: менавіта Ён быў Збавіцелем, якога абяцалі прарокі. Яго смерць і мука былі такія жорсткія і ганебныя, што маглі нават самым верным прыхільнікам і Езусовым сябрам адабраць веру ва ўсё тое, пра што Хрыстус гаварыў раней; у цуды, якія здзяйсняў. Езус пацвердзіў толькі сваім паўстаннем з памерлых, што на самай справе Ён з’яўляецца Месіем, Божым Сынам. Святы Павел-апостал піша: “А калі Хрыстос не ўваскрос, неразумная вера вашая, і вы дасюль застаецеся ў грахах сваіх” (1 Кар 15, 17).
    Гэтае свята мы называем нядзеляй Змёртвыхпаўстання Пана, бо гэтая падзея адбылася ў нядзелю. Цуд паўстання з памерлых Езуса адбыўся на світанні, каля чацвёртай гадзіны раніцы, калі яшчэ паўзмрок агортваў зямлю, таму гэтая ўрачыстасць носіць таксама назву Вялікдзень.
    Гэтае свята пачалі адзначаць у той самы час, калі габрэі адзначалі сваю Пасху як даніну памяці аб выбаўленні іх з егіпецкай няволі. Яно адзначалася на працягу тыдня, пачаўшы з 14 дня месяца нісан (вігілія Песаху), сёмага ў лунна-грамадскім габрэйскім календары, які налічвае 354 дні. Гэты месяц прыпадае больш-менш на мяжы сакавіка і красавіка грыгарыянскага календара, якога прытрымліваюцца хрысціяне. З-за меншай колькасці дзён у габрэйскім календары гэты 14 нісан перасоўваўся ўсё больш наперад нашага летазлічэння, прыводзячы да пэўнага разыходжання, бо габрэйскае свята не заўжды прыпадала ў гэтым выпадку на нядзелю.
    Гэтым несупадзеннем адносна даты святкавання Вялікадня заняўся Нікейскі Сабор у 325 годзе, які сцвердзіў, што з той пары хрысціянская Пасха будзе адзначацца ў нядзелю, якая прыпадае пасля першай поўні, адразу ж пасля вясенняга раўнадзенства. Канчаткова толькі ў часы панавання Караля Вялікага (768 – 814) было ўстаноўлена, што Вялікдзень будзе прыпадаць на нядзелю пасля першай вясенняй поўні (адна з фазаў месяца). Самым раннім магчымым тэрмінам Вялікадня можа быць 22 сакавіка. У гэтую дату Вялікдзень святкаваўся ў 1818 г. Самы пазнейшы магчымы тэрмін – 25 красавіка, апошні час Вялікдзень адзначалі ў гэты дзень у 1943 г., а паўторыцца – ў 2038 годзе. 
клерык Ян Коўш