Дзіця чакае вашай дапамогі

Дзіця чакае вашай дапамогі

    Каталіцкі Касцёл, наша Маці, спрадвеку клапоціцца пра ўсіх вернікаў, а асабліва апякуецца тымі, хто найбольш гэтага патрабуе. Да тых апошніх належаць хворыя, убогія, пакутуючыя, адкінутыя, а таксама дзеці-сіроты, дзеці-інваліды, дзеці з дамоў дзіцяці. Хіба кожны з нас можа сказаць, што мэтай чалавечага жыцця з’яўляецца шчасце. Для хрысціяніна першародная мэта – вечнае шчасце ў Божым Валадарстве, але дапускаю, што кожны чалавек хоча быць шчаслівым таксама тут, на зямлі.
    У звышнатуральным сэнсе чалавечае шчасце асноўваецца на аб’яднанні з Богам – Найвышэйшым Дабром. Таму, каб чалавек быў шчаслівы ў зямным жыцці, вельмі важную ролю адыгрывае супольнасць, яднанне з людзьмі, якое адбываецца цераз любоў.
    Часцей за ўсё дзецям з дамоў дзіцяці не хапае кантакту з самымі блізкімі людзьмі: з бацькамі, якіх не можа замяніць цалкам ніякая асяроддзе. Таму ў адпаведнасці з думкай, якая вынікае са слоў Хрыста: “Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, тое Мне зрабілі” (Мц 25, 40) – Касцёл спяшаецца на дапамогу тым дзецям, каб падзяліцца з імі любоўю, жадаючы шчасця для іх. Ужо на працягу некалькіх гадоў на святы Божага Нараджэння і Вялікадня клерыкі Вышэйшай Духоўнай семінарыі адпраўляюцца ў дамы дзіцяці, каб падзяліцца з імі радасцю ад Нараджэння і Змёртвыхпаўстання Пана, адначасова несучы дапамогу дзецям, якія найбольш яе патрабуюць.


   Сваімі перажываннямі захацеў падзяліцца з чытачамі клерык Юзаф Сярпейка, які ўжо на працягу некалькіх гадоў з’яўляецца актыўным удзельнікам акцыі дапамогі дзецям, якія ў чым-небудзь маюць патрэбу.
    З якіх пор ты ўдзельнічаеш у акцыях дапамогі дзецям?
    З другога курсу. Гэтая справа існавала задоўга перад тым, як я паступіў вучыцца ў семінарыю і іншыя ксяндзы і клерыкі апекаваліся дзецьмі.
    Як клерыкі ўдзельнічаюць у справе дапамогі дзецям?
    З ахвотай семінарысты ўключаюцца ў справу дапамогі дзецям. Звычайна тыя, хто бярэцца за гэтае заданне, працягвае ў ім удзельнічаць аж да заканчэння семінарыі. Гэта сведчыць пра тое, што гродзенскія клерыкі ўсведамляюць неабходнасць дапамагаць дзецям з дамоў дзіцяці. Гэта, па-моему, яшчэ больш служыць падрыхтоўцы будучых святароў да душпастырскай працы.
    Якія цэнтры наведваюць клерыкі?
    Мы бываем у Доме Дзіцяці ў Радуні і ў гродзенскім дзіцячым садку №5, наведалі дзяцей-інвалідаў у Галавічполі і ў Парэччы, а таксама - бяздомных дзяцей у прытулках у Радуні, Сарасеках, Лойках і ў Гродне.
    Якую мэту вы ставіце падчас выездаў? Чым непасрэдна для цябе ёсць такая акцыя?
    Самая важная справа – знаходзіцца сярод дзяцей. Хочацца проста быць з імі, каб яны не адчувалі сябе самотнымі і ведалі, што яны камусьці патрэбныя. Звычайна мы купляем дзецям невялікія падарункі, але гэта другарадная справа. Па-моему, акцыя дапамогі дзецям асноўваецца на тым, што мы вучымся ад іх, а яны – ад нас.
    Прабач, чым гэтыя дзеці дзеляцца з вамі?
    Перш за ўсё - дзіцячай праўдзівасцю. Дзеці адкрыты найбольш на прыезд валанцёраў, з якімі дзеляцца сапраўднай радасцю. Мы вучымся ў дзяцей дапамагаць бліжнім. У якасці прыкладу я хацеў бы прывесці дзяцей з Галавічполя. Яны – інваліды, з пэўнымі недаразвітасцямі. Пры сустрэчы з імі адчуваецца, што для тых дзяцей няважна, што яны такімі нарадзіліся. Яны ўспрымаюць проста сябе такімі, якімі ёсць. Менавіта супрацоўніцтва дапамагае ім у жыцці. Калі дзіця не можа чаго-небудзь зрабіць з-за недаразвіцця пэўных часткаў цела, то іншае дзіця спяшаецца яму на дапамогу.
    Пра што дзеці пытаюць часцей за ўсё ў клерыкаў?
    Пра Бога і семінарыю. Асабліва тады, калі бачаць нас у сутанах, то могуць спытаць, што такое сутана. Што такое семінарыя? Дзе яна знаходзіцца? Часцей за ўсё клерыкі слухаюць расказы дзяцей пра свой сад, пра трусоў, якіх адкормліваюць у Доме Дзіцяці, пра свае ручныя працы і г.д. Варта знаходзіцца з дзецьмі, каб проста іх слухаць, павучыцца ад іх адкрытасці на свет. Самае важнае пытанне, якое часта можна пачуць: “Калі яшчэ вы прыедзеце да нас?”
    Калі вы едзеце ў Дом Дзіцяці, то у вас ёсць якая-небудзь падрыхтаваная музычная ці паэтычная праграма?
    Спецыяльна прадбачанай канцэртнай праграмы няма, але тыя клерыкі, якія ўмеюць іграць на гітары, часцей за ўсё бяруць яе з сабой, каб паспяваць з дзецьмі пад яе акампанемент. Калі мы накіроўваемся ў Дом Дзіцяці, то заўжды бяром з сабой новыя запісы ансамбля “Ave”. Пасля нашага ад’езду дзеці развучваюць рэлігійныя песні, а калі мы ў чарговы раз іх наведваем, то яны спяваюць тыя песенькі, а нават даюць свае невялікія канцэрты.
    Ты адчуваеш патрэбу дапамагаць дзецям? Што табе даюць гэтыя сустрэчы?
    Праблема дзяцей-сіротаў, пакінутых, інвалідаў – заўжды вельмі актуальная. На маю думку, удзел у акцыях дапамогі дзецям выплывае са спецыяльнага прызвання. Бог адкрывае сэрца маладога чалавека на патрэбы маленькіх так, што з’яўляецца гарачае жаданне, як пісаў св. Павел “быць усім для ўсіх”.


    Пра акцыю “Дзіця чакае вашай дапамогі” раскажа чытачам клерык Павел Аляскевіч.
    Штогод у IV нядзелю Вялікага посту мы праводзім акцыю “Дзіця чакае вашай дапамогі”. У гэты дзень старэйшыя клерыкі адпраўляюцца ў гродзенскія парафіі, каб сабраць ахвяры для дзяцей-сіротаў. Такая справа паўстала па ініцыятыве духоўнага айца А. Радзевіча, клерыкаў і прадаўжаецца ўжо чацвёрты год.
    Калі мы збіраем ахвяры для дапамогі дзецям, то гэтую падзею ўспрымаем як бы інакш, чым, калі ма збіраем звыкла ахвяры. Так адбываецца таму, па-моему, што мы ведаем, што матэрыяльныя сродкі, сабраныя падчас акцыі, пойдуць на падтрымку тых, хто - найбольш пакінуты, пакрыўджаны, каму не хапае бацькоўскай любові ў сённяшнім свеце. Хтосьці можа сказаць, што мала дапамагаем дзецям. Аднак, дастаткова адзін раз адправіцца ў Дом Дзіцяці ці ў прытулак, каб пераканацца, колькі радасці атрымліваюць дзеці ад сустрэчы з тымі, хто іх разумее.
    Такая акцыя вучыць нас бліжэйшага падыходу і адкрытасці на дзяцей, можа быць эфектыўным сродкам ад раўнадушша. Мы сустракаемся з адкрытасцю з боку людзей, за якую ўсім ахвяравальнікам – аддзяч, Божа. Нашая прысутнасць таксама пабуджае дзяцей да актыўнасці, напрыклад: калі мы запрашаем іх у семінарыю, то яны прыязджаюць з ахвотай, звычайна з падрыхтаванай “канцэртнай праграмай” і цэлы дзень праводзяць з намі. Кантакт з дзецьмі пабуджае кожнага з нас, клерыкаў да адказнасці за тых дзяцей ў тым сэнсе, што мы не можам раптам парваць сувязь з дзецем, бо гэта прычыняе яму вялізны боль. Праз дзеці Бог хоча ўздзейнічаць на сталасць нашай чалавечнасці.


    Сваімі ўражаннямі ад побыту з дзецьмі, якім патрэбна дапамога, захацеў падзяліцца клерык Ігар Мутрук.
    На канікулах падчас Божага Нараджэння я меў нагоду, як прадстаўнік сваёй парафіі, быць у прытулку для дзяцей-сіротаў і інвалідаў у Зельве. Што датычыць маіх успамінаў, то скажу толькі, што ад іх трэба павучыцца пакоры і суцішанасці, праўдзівасці. Па-моему, дзеці з прытулку найбольш падабаюцца сваёй нявіннасцю і безабароннасцю. Гэтыя дзеці бяруць прыклад ад сваіх настаўнікаў і выхавацеляў, але і прыкладам для іх можа быць таксама ксёндз ці клерык, які адкрыты на іх патрэбы і прыходзіць ім на дапамогу.
    Да вышэй прыведзеных выказванняў я хацеў бы толькі яшчэ дадаць, што дзеці патрабуюць дапамогі з боку людзей добрай волі. Для прыкладу можна ўзяць Дом Дзіцяці ў Галавічполі. Яго выхаванцы сустрэлі нас з вялікай радасцю, у размове звярталіся да нас як для блізкіх сяброў. Але найбольш здзівіў мяне той факт, што якісьці хлопчык назваў аднаго з клерыкаў “тата”, а адна дзяўчынка без слоў абняла мяне сваімі ручкамі і доўга не хацела адпускаць. Безумоўна, дзецям з дамоў дзіцяці не хапае блізкасці маці і бацькі. Таму нашая місія заключаецца ў тым, каб знаходзіцца з тымі дзецьмі, падтрымліваць іх малітвай і чынамі, адведваючы, дапамагаючы ў матэрыяльным плане, дорачы цеплыню свайго сэрца. Падчас Вялікага посту асаблівую актуальнасць набірае міласціна, якая абуджае духа чуласці і любові, адкрытасці на патрэбы бліжніх...
    Карацей кажучы, дзіця чакае вашай дапамогі.
размаўляў клерык Павел Эйсмант
.bl {background: url(http://slowo.grodnensis.by/components/com_magazine/layouts/images/bl.gif) 0 100% no-repeat #eeeeee; } .br {background: url(http://slowo.grodnensis.by/components/com_magazine/layouts/images/br.gif) 100% 100% no-repeat} .tl {background: url(http://slowo.grodnensis.by/components/com_magazine/layouts/images/tl.gif) 0 0 no-repeat} .tr {background: url(http://slowo.grodnensis.by/components/com_magazine/layouts/images/tr.gif) 100% 0 no-repeat; padding:10px} .clear {font-size: 1px; height: 1px}