Семінарыйная хроніка

Семінарыйная хроніка

10 лютага пасля заканчэння экзаменацыйнай сесіі семінарысты раз’ехаліся па дамах. Гэта быў час адпачынку. Памятаючы пра словы св. Паўла-апостала: “Не для таго, каб я зіхацеў мудрасцю слова, не для гэтага паслаў мяне Бог...” мы мелі нагоду падзяліцца ведамі з тымі, хто гэтага патрабаваў. Поўныя новых сілаў і радасных уражанняў ад канікулярнага часу, мы вярнуліся ў семінарыю.

    16 лютага супольнай Эўхарыстыяй клерыкі пачалі другі семестр акадэмічнага 2008\2009 г.г., просячы Святога Духа аб неабходных дарах і аб паспяховым прадаўжэнні філасофска-тэалагічнага навучання.

   21 лютага ў нашай семінарыі адбылася прэзентацыя перакладу на беларускую мову дакументаў II Ватыканскага Сабору. На сустрэчы прысутнічалі наступныя асобы: арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мінска-магілёўскі Мітрапаліт; біскуп Аляксандр Кашкевіч, ксёндз Ян Крэміс (старшыня камісіі па перакладу афіцыйных дакументаў пры Канферэнцыі Епіскапату Беларусі), прадстаўнікі гарадскіх уладаў, вну, бібліятэкаў і музеяў, запрошаныя госці.

    25 лютага гімнам да Святога Духа мы пачалі вялікапосныя рэкалекцыі ў нашай Alma Mater. У гэтым годзе адказнасць за падрыхтоўку клерыкаў на шлях навяртання і пакуты ўзяў на свае плечы а. Вальдэмар.
    Тэматыка рэкалекцый паасобных дзён уздымала справы, неабходныя для выхавання будучых святароў.
    Эўхарыстычнае накіраванне святарскага жыцця; чалавек, шлях і мэта Касцёла; неабходнасць вылячыць юнацкія раны – вось некаторыя пытанні, якія ўздымаліся падчас рэкалекцый. Айцец-рэкалекцыяніст падкрэсліў неаднойчы вялікае значэнне рэкалекцыйнага часу як для слухачоў, так і для асобы, якая знаходзіцца пры амбоне.
    Мы хочам падзякаваць айцу Вальдэмару за прыклад сапраўднага святарства, ён шчыра маліўся, быў заўжды адкрыты на іншую асобу, абнадзейваў.
    На заканчэнне рэкалекцый падчас св. Імшы, якую цэлебравалі біскуп Аляксандр Кашкевіч і нашыя браты з 5 курса, мы выразілі ўрачыстым чынам сваю волю і гатоўнасць служыць Богу і Касцёлу на Божай ніве і былі ўключаны ў лік кандыдатаў, якія падрыхтоўваюцца да пасвячэнняў дыяканату і прэзбітэрату.

    1 сакавіка катэдральная базыліка ў Гродне сабрала ў сваіх сценах не толькі вернікаў парафіі імя св. Францішка Ксаверыя. У гэты дзень шматлікія госці: бацькі, браты, сёстры, сябры і знаёмыя алюмнаў пажадалі памаліцца за клерыкаў трэцяга і чацвёртага курсаў, якія прымалі паслугі лектарату і акалітату з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча.
    Падчас малітвы тых, хто падрыхтоўваўся да святарства, яшчэ раз напомнілі ім не толькі пра вялікі гонар для іх, але і пра вялікае абавязацельства, якое павінна адлюстроўвацца ў няспынным паглыбленні знаёмства Святога Пісання дзеля сваёй і вернікаў духоўнай карысці, як і клопат пра Эўхарыстычны Хлеб – крыніцу і вяршыню жыцця Касцёла.
клерык Павел Аляскевіч