Хрысціянскае разважанне наконт New Age

Хрысціянскае разважанне наконт New Age

   У папярэднім выданні “Duc in altum” мы разважалі над сутнасцю ідэалогіі New Age, яе рознымі абліччамі. Мы гаварылі пра тое, што гэтая ідэалогія трапляе ў розныя сферы чалавечай дзейнасці: медыцыну, псіхалогію, адукацыю, выхаванне, спорт, літаратуру, часопісы, фільмы, мультфільмы, камп’ютэрныя гульні, інтэрнэт і г.д.). У гэтым артыкуле мы задумаемся над некаторымі небяспекамі, якія нясе ідэалогія New Age для сучасных людзей.

    Варажба, магія, акультызм – падстава ідэалогіі New Age
    У выступленні аднаго з дакладчыкаў на XXIV Агульнапольскім форуме моладзі (адбываўся 20 – 22 лістапада 2008 г. у Вроцлаве) мы пачулі: каб не быць маніпуляваным ідэалогіяй New Age і не адчуць яе негатыўных вынікаў, неабходна перш за ўсё разумець, з якой з’явай сутыкаецца чалавек і як уплывае гэта на яго.
    Адна з характэрных рысаў New Age – магічны і акультыстычны падыход да рэчаіснасці.
    У Святым Пісанні Бог гаворыць, што той, хто займаецца магіяй і варажбой - агідны для Творцы (пар. Дрг 18, 12).
    Некаторыя людзі згаджаюцца, што так званая “чорная магія” – небяспечная, таму што яна выкарыстоўваецца дзеля таго, каб пакрыўдзіць чалавека. У той жа час тыя ж самыя людзі не бачаць нічога злога ў т. зв. “белай магіі”, якая выкарыстоўваецца дзеля “здароўя” чалавека. У 2117 пункце Катэхізму Каталіцкага Касцёла як “белая”, так і “чорная” магіі асуджаюцца Касцёлам, бо спасылаюцца на патаемныя сілы г.зн. на шатана і дэманаў і супярэчаць ушанаванню, спалучаным з любоўю і бояззю, якія належаць толькі Богу.
    Калі чалавек звяртаецца да магіі ці акультызму дзеля свайго ці іншых здароўя, гэта значыць ён адкрываецца на дзеянне злых сілаў. Нават калі наступае ілюзорнае вяртанне здароўя, узамен за гэта чалавек пачынае цярпець у духоўным плане: упадае ў дэпрэсію, траціць сэнс жыцця, пакідае малітвы, пагарджае сакрамэнтамі і г.д. Чалавек, карыстаючыся “белай магіяй”, не ўсведамляе, што звяртаецца да злых сілаў, часта ён перакананы, што гэта Бог вылечвае і трэба толькі зрабіць неабходныя магічныя практыкі. Гэта памылковае мышленне, бо з яго вынікае, што можна маніпуляваць Богам цераз магію. Калі ж вернік звяртаецца да Бога ў малітве і просіць аб ласцы здароўя для сябе і сваіх блізкіх, тады ён уваходзіць у дыялог з Богам, давярае жывому Творцу, Гаспадару жыцця і смерці, які абсалютна свабодны ў сваіх дзеяннях.
    Вялікае ўражанне на ўдзельнікаў форума маладых аказалі выказванні былога біяэнергатэрапеўта Крыштафа Зельскага, які займаючыся “лячэннем” з дапамогай біяэнергатэрапіі лічыў, што дапамагае людзям, вяртаючы ім здароўе. Ён заўважыў, што гэтыя вылячэнні – ілюзорныя, таму што часта хвароба перапынялася на некаторы час, а пазней пераходзіла на іншыя часткі цела і г.д. Чалавек, якога лячылі, павінен быў няспынна хадзіць да біяэнергатэрапеўта. Сам Крыштаф зразумеў, што ён мае дачыненне да злых сілаў, калі пачаў адчуваць на сабе цярпенне тых людзей, каго лячыў, хоць з медыцынскага пункту гледжання ён быў здаровы. Гэты чалавек меў спакусы пакончыць жыццё самазабойствам, страціў сэнс жыцця. Калі ж, дзякуючы святару-экзарцысту ён быў вызвалены з-пад панавання злых сілаў, тады страціў свае звышнатуральныя здольнасці. Цяпер, калі ён навярнуўся да Бога, наведвае сваіх знаёмых біяэнергатэрапеўтаў і спрабуе іх пераканаць у негатыўных выніках такога роду “лячэння”. Паводле словаў Крыштафа біяэнерагатэрапеўт не можа “лячыць” у прысутнасці Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, што сведчыць пра тое, што не Божай моцай адбываецца “аздараўленне” ў біяэнергатэрапіі. 

    Мас-медыя - на службе New Age
    Статыстычныя даследаванні паказваюць, што ў Польшчы 75% свабоднага часу дзеці і моладзь праводзяць ля тэлевізара, кампьютэра, кантактуючы з іншага роду мас-медыямі, у той жа час як -з калегамі, равеснікамі – у 2,5 разы менш часу (я думаю, што аналагічная сітуацыя – з дзецьмі і моладдзю ў Беларусі). Мас-медыя паказваюць чалавеку, як трэба весці сябе ў той ці іншай сітуацыі, фарміруюць нашыя погляды на канкрэтныя праблемы, надаюць негатыўную ці пазітыўную афарбоўку значэнням слоў і г.д.
    Часта бацькі не цікавяцца, што глядзіць іхняе дзіця, якую слухае музыку, якімі кампьютэрнымі гульнямі занята і г.д. Яны думаюць, што ўсё гэта моцна не ўплывае на духоўнае развіццё дзіцяці (маладога чалавека), што з цягам часу, калі дзіця пасталее, то само перастане цікавіцца гэтымі рэчамі. Аднак жа, як паказваюць навуковыя даследаванні, дзіця ў 7-9 гадоў усё, з чым мае кантакт у мас-медыях, прымае як абсалютную праўду. У 10-12 гадоў дзіця шукае ўзору для пераймання і калі ў гэты час сустракаецца ў мас-медыях (СМІ) з прапагандай магіі, акультызму, эротыкі, парнаграфіі і насілля, то ў будучым малады чалавек будзе глядзець на гэтыя з’явы як на штосьці пазітыўнае і нармальнае. Трэба заўважыць, што толькі ў 18 гадоў маладая асоба становіцца здольна крытычна ўспрымаць тое, з чым сустракаецца ў СМІ.
    У апошні час вялікай папулярнасцю карыстаюцца японскія коміксы і мультфільмы на аснове іх, напрыклад: “Нарута”, “Кароль шаманаў”, “Святаркі праклятых дзён”, “Чарадзейка з месяца” і іншыя. У нашай культуры мультфільмы прызначаны для дзяцей. У Японіі яны адрасаваны як дзецям, так і дарослым. У чым заключаецца небяспека ў японскіх мультфільмах? Іх героі выкарыстоўваюць спецыяльную сімволіку, усходнія прыёмы барацьбы,займаюцца магічнымі рытуаламі. У гэтых мультфільмах героі-падлеткі носяць нясціплае адзенне, удзельнічаюць у непрыстойных сцэнах, прапагандуюць сексуальныя сувязі паміж асобамі таго ж самага полу.
    Некаторыя часопісы для дзяцей і моладзі (“Witch”, “Wrozka”, “Winix” і іншыя) пад выглядам забавы, цікавых апавяданняў, займальных заданняў, каляровых ілюстрацый вучаць магіі, акультызму. Гэтыя часопісы выхоўваюць пакаленне дзяцей і моладзі, якія ў найбліжэйшым часе стануць кліентамі магаў, варажбіткаў, біяэнергатэрапеўтаў, спірытаў і г.д. Таму што іх з самага дзяцінства суправаджае мана (прыгожа ўпакованая глянцаватай паперай часопісаў) пра тое, што ў магічных і акультыстычных практыках няма нічога злога, яны нават – вельмі “карысныя” ў жыцці.
    У кампьютэрных гульнях апрача прапаганды насілля, жудасці, парнаграфіі выкарыстоўваюцца элементы выразнага сатаністычнага і акультыстычнага характару, напрыклад: пентаграмы, чашка чатырохрогага казла, адвернутыя крыжы, знак бестыі (вырадка) – 666, лялькі Вуду (якія выкарыстоўваюцца ў чараўніцтве) і іншыя. Гэта такія гульні: “Doom”, “Heretic”, “Hexen”, “Quake”, “Diablo” і іншыя. Такога роду элементы часта ўказваюць на рознага роду карысці для ігракоў: схаваныя пераходы, тайнікі з запасамі, скарбам і г.д. Такім спосабам дзеці і моладзь асвойваюцца з той сімволікай і з цягам часу ўспрымаюць яе як пазітыўныя элементы.
    Святы Павел у Лісце да Тэсалонцаў напісаў: “Усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся. Высцерагайцеся усякага роду зла” (1 Тэс 5, 21 – 22). Таму бацькі і дзеці павінны быць чуйнымі і з асцярожнасцю адносіцца да таго, з чым яны сустракаюцца ў СМІ.
    Існуюць хрысціянскія казкі, часопісы для дзяцей і моладзі, якія развіваюць чалавека ў інтэлектуальным і духоўным планах, перадаюць хрысціянскія вартасці. Ёсць хрысціянская мультыплікацыя, героі якой вучаць прабачаць, узаемадапамозе, салідарнасці з бліжнім, перамагаць свой эгаізм. Ёсць кампьютэрныя гульні, якія развіваюць біблійныя веды. Няхай іх змест напаўняе душы нашых дзяцей і моладзі, а не прыгожа ўпакованая мана літаратуры, відэо, кампьютэрных гульняў ідэалогіі New Age.

    Сапраўднае духоўнае жыццё вучняў Езуса
    Падсумоўваючы форум моладзі рэктар МВДС у Вроцлаве ксёндз Адам Лузьняк гаварыў пра тое, што кожны хрысціянін, каб быць сапраўдным вучнем Хрыста, павінен увайсці ў асабісты кантакт з Ім, сустрэцца з Божай ласкай.
    У хрысціянстве ў духоўным жыцці чалавек павінен стаць самім сабой, рэалізуючы Божы план свайго духоўнага развіцця. У духоўнасці New Age чалавек сам вызначае для сябе план духоўнага развіцця. Але толькі Хрыстус, Добры Пастыр, сапраўдны Бог і Чалавек, для якога не існуе такога адрэзка духоўнага шляху, якога Ён не прайшоў да гэтага часу, толькі Езус ведае на самай справе, якім шляхам духоўнага жыцця павінен ісці кожны канкрэтны чалавек.
    Духоўнае жыццё вучня Хрыста з’яўляецца дыялогам двух асобаў: чалавека і Жывога Бога. У містыцы New Age няма дыялогу з Богам, бо Яго тут разумеюць як безасабовая касмічная энергія. Тут чалавек – самотны, сам сябе збаўляе з дапамогай розных метадаў і тэхнікаў. Хрысціянства робіць чалавека адкрытым на іншага чалавека. Містыка New Age замыкае чалавека на іншую асобу і на сапраўднага Бога.
    Каб супрацьстаяць сучасным пагрозам для нашай веры, трэба вучыцца весці дыялог з Богам у нашым жыцці, быць адкрытым на дзеянне Яго ласкі, на падзеі, цераз якія Ён нас выхоўвае. Чалавек павінен карыстацца сродкамі, якія дае нам Касцёл: маліцца рана і вечарам, рэгулярна спавядацца і ўдзельнічаць у св. Імшы, разважаць над Божым словам, чытаць хрысціянскую літаратуру, паглыбляць свае веды пра Бога, удзельнічаючы ў катэхезах, малітоўных сустрэчах пры парафіі, маліцца на ружанцы, адараваць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Няхай час Вялікага посту і Велікодны перыяд дапаможа кожнаму з нас паглыбіць нашыя сувязі з Езусам, які для нашага збаўлення стаў чалавекам, памёр і паўстаў з памерлых.
клерык Павел Раманоўскі