Фарміраванне сумлення

Старонка міністранта

Фарміраванне сумлення

   Дарагія міністранты!
    Цяпер у нас Вялікі пост – благаславенны час. Асаблівым чынам гэты перыяд нагадвае нам пра збавенную муку і смерць Езуса Хрыста і з’яўляецца нагодай злучыцца з Ім і з Яго Маці, якая пакутавала разам з Сынам, дзякуючы розным пастанаўленням. У гэты час пакуты і посту святы Касцёл заахвочвае кожнага з нас працаваць над сабой, чуваць над сваімі жаданнямі і дрэннымі схільнасцямі. А каб правільна пазнаць свае недахопы, трэба няспынна фарміраваць сваё сумленне, якое, як унутраны голас Бога ў чалавеку, няспынна сочыць за нашымі паводзінамі.

    Бог стварыў свет, у якім штосьці – сапраўды добрае ці сапраўды - злое, напрыклад: успрымаць чалавека як рэч, прадмет. Можна сказаць, што сумленне падобна да вока, якое не выдумлівае сабе свет, але бачыць яго ці заўважае тое, што існуе на самай справе. Калі вока здаровае – то яно ўсё бачыць правільна, калі хворае – то можа дэфармаваць вобраз рэчаіснасці. Калі мы хочам правільна сфарміраваць нашае сумленне, то перш за ўсё павінны пазнаць прынцыпы паводзінаў, якія абвяшчаў Езус Хрыстус, штодзённа рабіць рахунак сумлення і сістэматычна спавядацца. Сумленне павіна быць уражлівае, г. зн. рэагаваць нават на найменшую хібу ў любові да Бога і да чалавека. Асобы з няўражлівым сумленнем сцвярджаюць, што яны заўжды маюць рацыю, што нікога не крыўдзяць, хоць акружэнню цяжка з імі жыць, бо яны бескрытычны ў адносінах да сябе і не заўважаюць, колькі болю прыносяць бліжнім.
кадзільніца
    Хто разважае часта над Евангеллем, задумваецца над сваім жыццём і над тым, як трэба паводзіць сябе сярод людзей, той дасканаліць сваё сумленне.
    Голас сумлення загадвае чалавеку захоўваць законы: ці гэта будуць Божыя Запаведзі ці свецкія. Якое б было нашае жыццё без прынцыпаў? Іх можна параўнаць да дарожных знакаў, дзякуючы якім шафёр можа шчасліва даехаць да мэты. Так і прынцыпы. Яны ўказваюць на спосабы, каб найлепшым чынам ажыццяўляць сваё прызванне ў жыцці.
   
    Прынцыпы міністранта
    Міністрант любіць Бога і дзеля Яго хвалы ўзорна выконвае свае абавязкі, служачы ля алтара. 2. Міністант служыць Хрысту ў людзях. 3. Міністрант развівае ў сабе Божае жыццё. 4. Міністрант працуе над сваім характарам і чувае над чысцінёй сэрца і душы. 5. Міністрант пазнае літургію і ёй жыве. 6. Міністрант моліццца за Айчыну і служыць ёй добрасумленнай працай. 7. Міністрант з’яўляецца добрым сынам і братам. 8. Сваёй хрысціянскай паставай міністрант уносіць усюды сапраўдную радасць. 9. Міністрант становіцца прыкладам для пераймання для іншых, дзякуючы сваёй пільнасці і сумленнасці. 10. Міністрант, як і святар, стараецца быць як бы другім Хрыстом.
    Дарагія сябры! Цяпер вы можаце даведацца пра чарговыя паслугі міністранта ля алтара падчас св. Імшы.

чаўнок
крапільніца
    Міністранты кадзідла. Гэтую функцыю выконваюць два міністранты падчас урачыстай св. Імшы: адзін з іх нясе кадзіла, другі – чаўнок з ім. Іх паслуга мае яскравае значэнне. Дым кадзіла, які ўзносіцца падчас літургіі з’яўляецца сімвалам малітвы і просьбаў, якія людзі заносяць да Бога. Таму трэба дагледзець, каб ад кадзіла ішоў прыемны водар. Заданне міністранта кадзіла, каб кадзільніца была чыстая і ў належным стане. У месцы, дзе знаходзяцца вуглі, свечка, запалкі і іншыя неабходныя інструменты , павінен быць парадак. Вельмі важна, каб гэтыя два міністранты кленчылі правільна і хадзілі, не спяшаючы. Усе іхнія рухі: спосаб нясення кадзільніцы, падача яе для засыпкі, перадача святару кадзіла, акурванне – павінны быць дакладныя і натрэнірованыя, выкананыя з павагай і грацыяй.

    Міністрант вады. Вада выконвае вельмі важную функцыю ў літургіі. Яна з’яўляецца знакам ачышчэння і жыцця. Кожны, хто верыць у Хрыста, быў ахрышчаны вадой і Святым Духам. Падчас св. Імшы акрапленне асвечанай вадой нагадвае нам наш уласны Хрост. Міністрант вады павінен паклапаціцца, каб гэты знак (вада) быў шанаваны. Таму ён павінен звярнуць увагу на тое, каб посуд з вадой, як і крапільніца былі чыстыя і ў дагледжаным стане і каб яны знаходзіліся ў спецыяльным месцы. Перад св. Імшой патрэбна іх падрыхтаваць на століку ў прэзбітэрыуме.Пасля заканчэння літургіі ўсе гэтыя прадметы трэба занесці на сваё месца ў сакрыстыю.

пастарал
мітра
    Міністранты мітры і пастаралу выконваюць свае абавязкі толькі падчас св. Імшы, якую цэлебруе біскуп. Мітра – урачысты галаўны ўбор ардынарыя дыяцэзіі. Яна складаецца з двух трохкутнікаў, якія спалучаны паміж сабой паяском і дзвюма тасьмамі, якія вісяць знізу. Абодва рагі мітры сімвалізуюць два Запаветы: Стары і Новы. Пастарал – гэта аздобленая ляска біскупа як сімвал пастырскай паслугі, атрыманай ад Хрыста. Загнутасць зверху яго азначае душпастырскі клопат біскупа, якім ён павінен адцягваць вернікаў ад зла, як пастыр – авечкі, і завесці іх да дабра. Міністранты мітры і пастаралу трымаюць давераны ім біскупскі атрыбут праз вэлюм, які апрануты на іхніх плячах. У працэсіі на ўваход ці выхад гэтыя міністранты ідуць за біскупам. Падчас усёй літургіі яны стаяць.
клерык Віталій Бяленік