Улюбёныя ў Хрыста сёстры і браты!


Хачу падзякаваць за дапамогу для нашай семінарыі

   Улюбёныя ў Хрыста сёстры і браты!

    У чарговы раз у сваім жыцці мы адзначылі святы Божага Нараджэння. Трэба прызнацца, што гэта найбольш чаканыя святы як для дарослых, так і для дзяцей. Кожны з нас па-новаму і па-своему правёў іх. Але кожны з нас атрымаў ад Творцы той жа самы Дар – Бог стаў адным з нас. Бог, якога чалавецтва не бачыла, а толькі чула, дзякуючы прарокам стаў бачны і датыкальны. Таму 24 снежня б.г., так як гэта было ў папярэднія гады, мы паспяшаліся ў нашыя парафіяльныя касцёлы і кожны накіраваў свае крокі да ясляў, каб убачыць і схіліцца перад вялікай таямніцай нашай веры: каб падзякаваць Усемагутнаму за найвышэйшы дар Божай Любові.
    У гэтыя дні мы разважаем і спрабуем зразумець Божую Любоў. Мы вучымся ад Творцы, як павінны любіць мы самі ў сённяшнім свеце.
    Цяпер Касцёл адзначае год, прысвечаны святому Паўлу-апосталу. Адсюль разам са св. Паўлам мы хочам прынесці Богу нашую песню падзякі за Яго вялікі цуд Уцелаўлення. Ён – Першародны Сын нябачнага Бога, сышоў з вышыняў неба, каб ізноў узвысіць нас на зямлі і паставіць па-над усімі стварэннямі. У тую ноч бэтлеемскага цуду наш нябачны Бог стаў нам такі блізкі, датыкальны, такі людскі. Я хачу ад імя ўсёй семінарыйнай супольнасці пажадаць вам усяго найлепшага на радасныя святы Уцелаўлення Нябачнага Бога.
    Няхай Хрыстус, які быў паслухмяны адвечнай волі Айца, увойдзе ў гісторыю жыцця кожнага з нас, прынясе Вам дар супакою сэрца, якое толькі ў Ім можа знайсці паўнату шчасця і радасці. Нараджэнне Езуса Хрыста няхай зробіць нас блізкімі, больш людскімі – па Яго ўзоры. 
    Карыстаючыся нагодай, я хачу падзякаваць за дапамогу нашай семінарыі, што з’ўляецца адлюстраваннем Хрыстовай Любові ў сучасным свеце і дзякуючы якой наша навучальная ўстанова можа існаваць і навучаць будучых святароў Касцёла.
    Адначасова я жадаю запэўніць вас, што семінарыйная супольнасць моліцца за ахвярадаўцаў кожны дзень перад тронам Жывога Бога, выпрошваючы неабходныя ласкі для нашых дабрадзеяў. У нядзелю 28 снежня б.г. ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Сям’і з Назарэту была цэлебравана св. Імша за ўсіх нашых дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, дзе выпрошваліся ў Творца неабходныя ласкі для рэалізацыі хрысціянскага прызвання.
    У новым 2009 г. няхай суправаджае Вас Божае Благаславенне і Апека Божай Маці Марыі.
    “…Уздымі руку, Божае Дзіця…” і паблагаслаў нас усіх.
    Ад імя семінарыйнай супольнасці – благаславёных святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага 2009 г. жадае Вам рэктар ВДС,
 
кс. Юзаф Станеўскі