Старонка міністранта

Старонка міністранта

Аб малітве
Прагулка на параходзе па Нёмане падчас сустрэчы міністрантаў. З левага боку - рэктар ВДС кс. Юзаф Станеўскі, другі - апостальскі нунцый, арцыбіскуп Марцін Відовіч

   Шаноўныя міністранты!
    У гэтым нумары мы прапануем супольна задумацца над чымсьці вельмі істотным у жыцці кожнага чалавека, у тым ліку і міністранта. Прайшоў Адвэнт, святы Божага Нараджэння, мы рыхтуемся да святаў Аб’яўлення Пана - у падрыхтоўцы да ўсяго павінна нас суправаджаць малітва.
    Малітва – гэта размова чалавека з Богам. Гэта вельмі вялікі дар, які атрымаў чалавек ад Бога, дар дыялогу са сваім Творцам. Мы ўсведамялем, як цяжка нам было б дамовіцца на прыём да якой-небудзь вядомай асобы і не вядома, ці ўдалося б гэта нам ажыццявіць. А Бог, найважнейшы і найдасканальшы, заўжды слухае нас, нашыя малітвы і адкрыты на нас. Часта мы гэта не ўсведамляем і не ацэньваем належным чынам.
    Езус гаворыць: “Заўсёды трэба маліцца і не ўкідацца ў роспач”. Трэба маліцца раніцай і вечарам, перад пасілкам, на працы, калі знаходзімся ў касцёле і - ў небяспецы.
    1. Ранішняя малітва. Вядомы польскі паэт Францішак Карпінскі піша, што было б правільна, каб першую хвіліну дня ахвяраваць Богу і з Ім распачаць чарговы дзень свайго жыцця. Чалавек патрабуе Божай апекі. Сколькі няшчасцяў, злых прыгод можа нас спаткаць на працягу цэлага дня. Ці не варта аддаць сябе і сваіх блізкіх Божай апецы?
    2. Вячэрняя малітва. Вечарам сама душа чалавека хоча маліцца. Ці не справядліва было б падзякаваць Богу за цэлы дзень жыцця, за Яго ласкі і дары, якімі Ён адарыў нас? Падчас вячэрняй малітвы мы молімся тымі ж самымі малітвамі, што і з раніцы, але належыць да таго ж зрабіць рахунак сумлення. Гэта значыць задумацца, што мы зрабілі не так, што было злога з нашага боку ў адносінах да іншых, шчыра Бога папрасіць аб прабачэнні і абяцаць выправіцца ў лепшы бок.
    3. Малітва перад пасілкам і на працы. Малітвай перад пасілкам мы не толькі дзякуем Богу за тое, што Ён падтрымлівае ежай нашае існаванне, але просім, каб гэтая ежа прынесла нам карысць, а не шкоду, каб ежу мы не ставілі на першае месца, бо кожны з нас ведае, што гэта - грэх: неўмеркаванне ў ежы і піцці. Калі св. Дамініка Савіо быў малым хлопцам, то не хацеў есці, пакуль перад ядой не было малітвы.
    На працягу дня людзі шмат часу праводзяць на працы, ці ў школе. Колькі ж карысці б гэта прынесла, калі б сваю працу і навуку яны прысвяцілі Богу.

   Для чаго неабходна малітва?
Чалавек павінен праслаўляць свайго Бога - гэта справядлівая і слушная справа: адорваць павагай і любоўю Таго, каму за ўсё трэба дзякаваць. Чалавек павінен заўжды дзякаваць свайму Творцу за Яго ласкі і дары. Калі мы зробім іншаму чалавеку нешта добрае, то амаль заўсёды чакаем ад яго падзякі. А якая ж вялікая ўдзячнасць належыць Богу, ад Якога мы атрымалі ўсё, што маем? Часта мы робім балюча Творцу, крыўдзячы іншых людзей, дапускаючы розныя грахі, таму мы павінны прасіць заўжды аб прабачэнні і шкадаваць за грахі.
    На кожным кроку мы патрабуем Бога, Яго апекі. Людзі падобны да немаўляткаў, жыццё якіх без клапатлівай апекі маці знаходзіцца пад пагрозай. Таксама і мы без няспыннай апекі Езуса Хрыста не можам адчуваць сябе бяспечнымі і годна жыць. Чалавек - гэта разумная істота і менавіта розум загадвае нам маліцца. Сам Езус заахвочвае нас да малітвы. Перад вамі ўрыўкі са Святога Пісання, у якіх ідзе пра гэта размова і якія трэба знайсці і прачытаць Мц 21, 22; Мц 7, 7-8; Лк 6, 12; Мк 1, 35; Флп 4, 6.

   Міністрант – чалавек малітвы
    Мы добра ведаем, што чалавек павінен маліцца, знаем - калі і для чаго. Мы знаем пра тое, што не ўсе людзі пазналі Бога. Не ўсе ўсведамляюць тое, адкуль атрымалі ўсё.
    Міністрант пакліканы да выканання важнай функцыі ў Касцёле: ён павінен сваім жыццём сведчыць аб Богу, павінен маліцца не толькі падчас св. Імшы, але рабіць гэта часцей і заахвочваць іншых да малітвы. Калі ў сям’і не моляцца раніцай ці вечарам, не моляцца перад ядой, то на вас, міністранты, ляжыць абавязак прыпомніць бацькам і родным аб яе вартасці. І напэўна ваш знак крыжа і малітва перад ядой будуць добрым прыкладам для іх. Тое ж можна сказаць пра ранішнюю і вячэрнюю малітвы.

   Функцыі міністрантаў
    У прошлым нумары мы гаварылі пра першыя тры функцыі міністранта. Цяпер я раскажу вам пра наступныя тры, а менавіта: міністрант імшала, міністрант святла, міністрант алтара.
    1. Міністрант імшала. Міністрант імшала трымае імшал падчас св. Імшы. Ён павінен стаяць так, каб не закрываць святара ад вернікаў. Трымаючы імшал, ён павінен перагортваць старонкі, калі гэта спатрэбіцца. Пасля заканчэння малітвы і калі людзі адкажуць “Амэн”, міністрант замыкае імшал, робіць паклон да святара і адыходзіць на сваё месца. Перад св. Імшой, міністрант, са згоды святара, павінен прыгатаваць імшал і закласці адпаведныя старонкі. Да імшала, як і да ўсіх літургічных кнігаў, трэба адносіцца з пашанай.
    2. Міністрант святла. Міністранты, якія служаць са свечкамі, павінны клапаціцца пра іх. Падсвечнік заўсёды павінен быць чысты. Міністрант святла заўсёды павінен стаяць прама.Хлопцы, якія трымаюць свечкі на адным узроўні і крыху збоку, павінны быць аднаго росту. У працэсіі міністранты святла ідуць побач. Калі праход вельмі вузкі, яны ідуць перад крыжом. Калі міністранты трымаюць свечкі, яны ніколі не кленчаць. Падчас чытання Евангелля міністранты святла стаяць па баках ад амбоны, павернутыя тварам адзін да аднаго.
    3. Міністрант алтара. Ён павінен ведаць ўсе літургічныя начынні, як яны называюцца і дзе знаходзяцца. Такі міністрант клапоціцца аб іх чысціні і сочыць за тым, каб да іх адносіліся з пашанай. Паслуга міністранта алтара - самая частая. На кожнай св.Імшы ён падае ампулкі святару, які абмывае рукі. Таму кандыдаты ў міністранты павінны ўмець выконваць гэтую функцыю.
Аб чарговых функцыях у наступным нумары

клерык Максім Кажарновіч