Галоўная Koło misyjne

Пілігрымка.

Пілігрымка да Маці Божай Вострабрамскай

Пятага кастрычніка мы адзначылі 20-гадовы Юбілей Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродне. У сувязі з гэтым першы і другі курсы паехалі на два дні ў Вострую Браму падзякаваць Марыі за існаванне семінарыі ў Гродзенскай Дыяцэзіі.
Выехалі мы адзінаццатага кастрычіка, накіроўваючыся ў Вільню, і ў другой палове дня былі ўжо на месцы.

Затрымаўшыся ў Кангрэгацыі Сясцёр Міласэрнасці, мы пасля абеду сустрэліся з гідам. Ён правёў нас праз "Старую" Вільню і пазнаёміў з гісторыяй горада, з яго знакамітымі помнікамі архітэктуры, асабліва з капліцай Маці Божай Вострабрамскай, Катэдральным саборам, касцёлам Святой Ганны, Святога Духа і іншымі. Пасля гэтага ў нас быў вольны час.

На наступны дзень адбылася Святая Імша, якую канцэлебравалі кс. Рэктар Юзаф Станеўскі, кс. Віцэ-рэктар Раман Рачко і кс. Прафесар Валерый Быкоўскі, які сказаў гамілію.

Будучы ў Вільні, мы наведалі Віленскую Вышэйшую Духоўную Семінарыю, дзе Рэктар і Віцэ-рэктар сустрэлі нас вельмі цёпла. Клерык з пятага курсу пазнаёміў нас бліжэй з семінарыяй. Ён расказаў гісторыю яе стварэння, паказаў капліцу, лекцыйныя залы і двор, распавёў пра ўмовы жыцця і абавязкі алюмнаў.

Па дарозе дадому мы наведалі замак у Троках, дзе гід пазнаёміў нас з цікавымі гісторыямі з жыцця вядомых людзей, якія там жылі.